Стаць валанцёрам Багны
- topic: Валанцёрства
- content_created_at: 2019-12-25 20:03
Для таго, каб стаць валанцёрам «Багны», трэба запоўніць невялікую Анкету. У адказах трэба пазначыць, як часта вы гатовыя супрацоўнічаць і ў якой сферы хочаце развівацца. Самая разнастайная праца для добраахвотнікаў з’яўляецца рэгулярна. Напрыклад, гэта можа быць дапамога ў дызайне брашуры, арганізацыі лекцыі ці перакладзе тэксту.
Валанцёрства – гэта магчымасць:
Дапамагчы захаванню дзікай прыроды Беларусі;
Пашырыць кола знаёмстваў;
Умацаваць свае навыкі ў новай сферы;
Набыць актуальныя веды аб прыродзе і яе ахове ў Беларусі і свеце;
Стаць часткай каманды людзей, якія любяць сваю справу;
Першым / ай дазнавацца пра нашыя адукацыйныя і выязныя мерапрыемствы;
Атрымаць афіцыйную рэкамендацыю пры пошуку працы, пры падачы на адукацыйны курс або валанцёрскі праект за мяжой;
Атрымаць фірмовы мерч: паштоўкі, налепкі, сумкі;
Убачыць вынік сваёй працы тут і цяпер, няхай гэта будзе чыстая дзялянка лесу ці якасная брашура для міжнароднай канферэнцыі.
Калі ў вас узніклі пытанні, звяжыцеся з нашым каардынатарам добраахвотніцкай работы Валерыяй Якаўчык, напісаўшы на bahna.land@gmail.com
Прыводзім некалькі меркаванняў нашых актывістаў, чаму важна дапамагаць прыродзе, ці магчыма гарманічнае суіснаванне чалавека з навакольным светам і на чым павінны будавацца гэтыя адносіны
У сваім звычайным жыцці Ганна Янкута піша тэксты пра літаратуру і перакладае кнігі, займаецца іншымі літаратурнымі праектамі і нядаўна нават абараніла дысертацыю.
– Літаратура – асноўная частка майго жыцця, але ўжо некалькі гадоў я вельмі цікаўлюся дзікай прыродай, экалогіяй, бёрдвотчынгам і птушкамі. Я вельмі люблю балота.
Першы раз я трапіла на Ельню, потым на Альманскія балоты, і з таго часу хачу пабываць на ўсіх балотах Беларусі – гэта выдатная лакацыя, вельмі характэрная для Беларусі.
Мне здаецца, чалавеку патрэбныя веды аб прыродзе. Можна проста схадзіць у лес, а можна сустрэць там рэдкую, незвычайную для Беларусі расліну – і гэта дасць зусім іншыя эмоцыі.
Учора, напрыклад, я была на экскурсіі з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» ў дуброве. Экскурсавод-арнітолаг Анастасія распавядала, што дуброва адметная відамі, якія там высаджаны, але звычайна не растуць у Беларусі. Гэтая дуброва ахоўваецца, але недастаткова. Маючы такія веды, адчуваеш больш.
Падчас вучобы ў Гомелі навучэнцы кафедры сусветнай эканомікі Анастасіі Міхайлавай пашанцавала трапіць па абмене ў Партугалію на год. У той час яе Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі супрацоўнічаў з праграмай Erasmus Mundus.
– У Партугаліі я пасябравала з многімі мясцовымі жыхарамі. Яны вельмі шануюць сваю прыроду, ганарацца яе ўнікальнасцю і магчымасцю развіцця турызму дзякуючы ёй. Адной з мясцовых была дзяўчына, з якой я пасябравала бліжэй за ўсё – Інеш Фельгар.
Інеш мне паказвала мясцовыя славутасці, вадаспады. Але падарожнічалі мы не так шмат, хутчэй штодня мелі зносіны, і за размовамі я знаёмілася з яе каштоўнасцямі. Яна дзялілася сваім светапоглядам, і ён мне спадабаўся. Інеш распавядала пра ахову навакольнага асяроддзя і сваім прыкладам паказвала, як яна клапоціцца пра яе.
Інеш старанна выбірала прадукты, пераважна арганічныя. Больш за тое, старалася знаходзіць прадукцыю мясцовай вытворчасці.
У той час маё мысленне і інтарэсы змяніліся.
– Калі мне было гадоў 6–7, я захапляўся серыялам Кусто [аб даследаванні падводнага свету]. Глядзеў амаль кожную серыю. У тым малым узросце я зразумеў, што чалавек шмат шкодзіць прыродзе, што не ўсе ўсведамляюць: выкіды ў атмасферу адбіваюцца на наступных пакаленнях, – кажа Дзяніс Краўчонак. З цікаўнага дзіцяці вырас спецыяліст-заолаг, выпускнік біялагічнага факультэта, які з цягам часу зацікавіўся і раслінамі.
Цяпер я бачу: эколагі жывуць у адным свеце, а большасць насельніцтва – у іншым, у якім не трэба задумвацца, куды трапляе пластык. Для большасці прырода не звязана з чалавекам, і можна выкінуць будаўнічае смецце проста ля рэчкі. Але што будзе потым з пластыкам, які не гніе стагоддзямі? Што будзе са сметнікамі, якія растуць як на дражджах?
Гарманічнае суіснаванне чалавека і прыроды магчымае хіба што ў далёкай будучыні. Цяпер, у тэхнагеннай прасторы, гэта складана. Можа быць, наш шлях у тым, каб не выкарыстоўваць вуглевадароды як крыніцу энергіі? Ці ў тым, каб больш людзей усведамляла, што кожнае іх дзеянне адбіваецца на прыродзе і такім чынам – на іх саміх.
Працы заўсёды шмат. Але калі ты хочаш нешта змяніць – ты зможаш гэта зрабіць. У гэтым плане я аптыміст.






