Школа дзікай прыроды

Першы курс быў праведзены ў 2016 годзе і ўключаў у сябе восем афлайн-сустрэч на працягу паўгода. У іх узялі ўдзел 15 экспертаў з Беларусі, Грузіі, Украіны, Эстоніі, Расіі і больш за 150 слухачоў. Тэмы лекцый – прыродакарыстанне, біяразнастайнасць і менеджмент дзікай прыроды.

Ці можа прырода сама справіцца з выклікамі, якія стаяць перад ёю? Якія віды жывёл і раслін Беларусі знікнуць да канца XXI стагоддзя і ці вінаваты ў гэтым чалавек? Чаму чалавек кіруе і асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі? Ці ёсць месца этыцы ў лесе?

Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні мы даём падчас лекцый у Школе дзікай прыроды.

У святле такіх выклікаў сучаснага свету, як змяненне клімату, экалагічны крызіс, знясіленне прыродных рэсурсаў і іншых, ахова прыроды як навука і комплекс практычных дзеянняў і мер, накіраваных на падтрыманне рацыянальнага ўзаемадзеяння паміж чалавекам і навакольным прыродным асяроддзем, выходзіць на першы план па актуальнасці і практычнай значнасці. У такім кантэксце веды ў галіне аховы прыроды і асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ) становяцца надзвычай важнымі.

Што такое дзікая прырода і ці існуе яна ў сучасным свеце? Ці можа прырода сама справіцца з выклікамі, якія стаяць перад ёй? Якія віды жывёл і раслін Беларусі знікнуць да канца XXI стагоддзя і ці вінаваты ў гэтым чалавек? Ці могуць гарады захаваць дрэвы-равеснікі Напалеона Банапарта або Кастуся Каліноўскага?

Мы ставім гэтыя і многія іншыя пытанні і даём на іх адказы ў новым курсе лекцый аб навакольным асяроддзі і дзікай прыродзе.

Вы даведаецеся, як жывыя арганізмы звязаныя паміж сабой, які ўплыў аказвае на прыродныя тэрыторыі празмернае спажыванне рэсурсаў і як гэтаму супрацьстаяць. Колькі на самай справе ў Беларусі запаведнікаў і чым яны адрозніваюцца ад заказнікаў. Чаму чалавек кіруе асабліва ахоўванымі прыроднымі тэрыторыямі. Ці ёсць месца этыцы ў лесе. Што значыць кіраваць лясамі.

У вас будзе магчымасць сустрэцца з найцікавейшымі спецыялістамі, задаць пытанні, якія вас даўно хвалююць, і даведацца пра сучасныя погляды на такія спрэчныя тэмы, як канцэпцыя абсалютнай запаведнасці і сучасная ідэя дзікай прыроды.

Мы запрашаем вас адправіцца ў займальныя прыгоды па вывучэнні навакольнага прыроднага асяроддзя. У рамках паўгадавога курсу яго ўдзельнікі атрымаюць веды па тэме дзікай прыроды і ААПТ, пазнаёмяцца з асноўнымі падыходамі да разумення і кіравання дзікай прыродай, сустрэнуцца з дасведчанымі спецыялістамі і даведаюцца аб працы групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі».

Каму гэта будзе цікава

  • студэнтам-біёлагам, эколагам, географам і хімікам, якія хочуць даведацца актуальную інфармацыю і выйсці за рамкі універсітэцкай праграмы;
  • экалагічным актывістам, якія хочуць атрымаць новыя веды ад экспертаў;
  • аматарам прыроды, якія хочуць разабрацца ў працэсах, якія адбываюцца ў навакольным асяроддзі;
  • усім, хто разумее важнасць рацыянальнага ўзаемадзеяння прыроды і чалавека ў XXI стагоддзі.

Нашы партнёры

“Лятучы ўніверсітэт”, медыя-партал 34Mag, «Навука не ў сабе» (ГА “МАЦ «Фіяльта»”).

Падрабязная праграма першага курсу і запіс некаторых лекцый:

§1 Увядзенне. Чалавек і Прырода: самавызначэнне, светапогляд, падыходы, прынцыпы і паняцці

  • энвайранменталізм: светапогляд, сучасны экалагічны рух і яго лідары;
  • экалагізм, эколаг, экалагіст і экалогія: як з усім гэтым разабрацца;
  • кансервацыянізм: светапогляд і ўрокі практычных дзеянняў у ХХ стагоддзі;
  • экалагічная культура.

Лектары

Вольга Каскевіч (Беларусь) – спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях і практыках адвакатавання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, старшыня грамадскай арганізацыі «Багна», каардынатар Рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі», у мінулым каардынатар грамадскай кампаніі «У абарону беларускіх балот»;

Канстанцін Чыкалаў (Беларусь) – грамадскі актывіст, спецыяліст па прыродаахоўнай дзейнасці, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна»;

Інэса Балоціна – эколаг, каардынатар грамадскай кампаніі “Выратуем прыпяцкія дубровы”.

§2 Прырода і прыродакарыстанне. Запаведнасць і дзікая прырода

  • пра адрозненні катэгорый «прырода» і «прыродакарыстанне» ў экалагічных культурах розных народаў;
  • розніцы ў працэсах вывучэння экалогіі і прыродакарыстання;
  • з’яўленне тэрміна “дзікая прырода” і яго сучаснае вызначэнне;
  • што такое запаведнасць і якое яна мае дачыненне да дзікай прыроды.

Лектары

Аляксей Васілюк (Украіна) – эколаг, намеснік старшыні Нацыянальнага экалагічнага цэнтра;

Зураб Карбелашвілі (Грузія) – біёлаг, эколаг, спецыяліст і кансультант у галіне арганічнай сельскай гаспадаркі і сельскага турызму, вядомы выкладчык пермакультуры, стваральнік аўтарскага курсу і шэрагу кніг па арганічнай сельскай гаспадарцы. У мінулым каардынатар сельскагаспадарчых праектаў фонду «Pro Mestia» (Швейцарыя) і навучальнага цэнтра Асацыяцыі «Элка», які аб’ядноўвае ўсіх біяфермераў Грузіі;

Валерый Брын (Расія) – грамадскі дзеяч, эколаг, кіраўнік адыгейскага рэспубліканскага аддзялення агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Усерасійскае таварыства аховы прыроды», дырэктар Інстытута рэгіянальных біялагічных даследаванняў, у мінулым быў дырэктарам у Даурскім запаведніку і Каўказскім запаведніку, аўтар шэрагу кніг пра запаведнасці.

§3 Помнікі прыроды і рэліктавыя дрэвы

  • пра помнікі прыроды, як катэгорыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ)

Лектары

Ігар Корзун (Беларусь) – каардынатар грамадскай кампаніі “Гарадскі ляснічы”, фатограф;

Ірына Вазнячук (Беларусь) – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук.

§4 Людзі і лясы

  • залежнасць людзей ад лясных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя;
  • уплыў колькасці насельніцтва на лясныя экасістэмы;
  • гісторыя развіцця лясной гаспадаркі;
  • праблемы дэградацыі лясоў;
  • дзяржаўная палітыкі для абароны лясных экасістэм.

Лектары

Максім Ярмохін (Беларусь) –каардынатар рабочай групы па распрацоўцы стандартаў FSC у Беларусі, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Запіс лекцыі

§5 Біяразнастайнасць. Прыродныя экасістэмы і біятопы

  • біяразнастайнасць Беларусі;
  • розныя біятопы;
  • механізмы захавання разнастайнасці.

Лектары

Дзмітрый Грумо (Беларусь) – намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук;

Наталля Мінчанка (Беларусь) – былая кіраўніца падраздзялення Мінпрыроды Беларусі, адказнага за захаванне біялагічнай разнастайнасці.

§6 Біяразнастайнасць. Жывёлы ў няволі. Розныя погляды на праблему. Канвенцыя CITES

Лектары

Таццяна Жалязнова – кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці кіравання па біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Асноўны напрамак работы – удзел у вызначэнні агульнай палітыкі і стратэгіі Мінпрыроды па пытаннях аховы і выкарыстання аб’ектаў расліннага і жывёльнага свету, бяспекі генна-інжынернай дзейнасці.

Алег Барадзін – кандыдат біялагічных навук (па спецыяльнасці “энтамалогія і экалогія”), дацэнт па спецыяльнасці “біялогія”, генеральны дырэктар ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах», дацэнт кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ. Вобласць асноўных навуковых інтарэсаў – глабальная біяразнастайнасць жывёл, у тым ліку Беларусі, мегасістэматыка жывёл, стварэнне лабараторных культур жывёл.

§7 Біяразнастайнасць. Раслінны свет

  • расліннасць Беларусі,
  • флора Беларусі;
  • захаванне раслін у сучасным свеце, якія існуюць праблемы, ўзроўні і шляхі іх вырашэння;
  • роля батанічных садоў ў захаванні рэдкіх і знікаючых раслін;
  • гісторыя, сучаснасць і перспектывы захавання генафонду рэдкіх раслін у Беларусі;
  • рэдкія расліны ў садаводстве, новы погляд на філасофію і эстэтыку саду.

Лектары

Алеся Кручонак (Беларусь) – навуковы супрацоўнік лабараторыі біяразнастайнасці раслінных рэсурсаў, Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;

Кацярына Майсейчык (Беларусь) – магістр біялагічных навук, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыя геабатанікі і картаграфіі расліннасці Інстытута эксперыментальнай батанікі імя. В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі.

Запіс лекцыі

§8 Гісторыя і сучасная сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі і іншых краін

  • як развівалася сістэма асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у Беларусі;
  • для чаго ствараюцца ААПТ і ці дапамагае гэта дасягаць пастаўленых мэтаў;
  • якое прававое рэгуляванне ААПТ;
  • ці патрэбныя рэформы ў сістэме асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.

Лектары

Інэса Балоціна – эколаг, каардынатар грамадскай кампаніі «Выратуем прыпяцкія дубровы», удзельніца рабочай групы «Ахова дзікай прыроды Беларусі»;

Наталля Мінчанка – юрыст і менеджар, былая кіраўніца падраздзялення Мінпрыроды Беларусі, адказнага за захаванне біялагічнай разнастайнасці.

§9 Менеджмент і дзікая прырода

  • якія існуюць падыходы ў кіраванні асабліва ахоўнымі прыроднымі тэрыторыямі ў Эстоніі і Беларусі?
  • актыўна або пасіўна кіраваць прыроднымі экасістэмамі?
  • ці можа быць дзікая прырода ў месцах актыўнага кіравання чалавекам?
  • якія праекты па аднаўленні экасістэм праходзяць у Беларусі і Эстоніі і як гэта ўплывае на біяразнастайнасць?
  • ці можна захаваць прыродныя экасістэмы, не ўмешваючыся ў іх натуральнае развіццё?

Лектары

Міхаіл Максіменка – старшы навуковы супрацоўнік сектара міжнароднага супрацоўніцтва і суправаджэння прыродаахоўных канвенцый ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах»;

Аляксей Лотман (Эстонія) – эколаг, палітык, грамадскі дзеяч. Скончыў Тартускі ўніверсітэт па спецыяльнасці “біёлаг”. З 1989 па 1991 год працаваў інспектарам па ахове паветра ў Тарту.

Мадэратар лекцый: Аляксандр Каралевіч – выканаўчы дырэктар ГА «Адукацыйны цэнтр «ПОСТ».

Месца і час

Курс лекцый праходзіць на працягу года з перапынкам на канікулы ў ліпені і жніўні.Месца і дакладны час для кожнай лекцыі будуць удакладняцца асобна і загадзя.Кожная лекцыя, працягласцю каля 2 гадзін, будзе складацца з дзвюх сесій, якія доўжацца не больш за 1 гадзіну. Перапынак паміж сесіямі – 15 мін.

Умовы ўдзелу

Для ўдзелу ў нашым курсе навукова-папулярных лекцый просім запоўніць кароткую анлайн-форму.

Увесь курс лекцый бясплатны. Арганізатарамі не пакрываецца праезд да месца правядзення лекцый, а таксама праезд у выпадку выязных лекцый.

Усе ўдзельнікі, якія зарэгіструюцца на платформе дыстанцыйнага навучання Moodle, выканаюць прапанаваныя заданні і наведаюць не менш за 6 лекцый, атрымаюць сертыфікат аб праходжанні нашага курса. Магчымасць прайсці курс дыстанцыйна.

З дапамогай платформы дыстанцыйнага навучання Moodle вы зможаце прайсці курс лекцый дыстанцыйна (анлайн). Акрамя гэтага, на платформе будуць размяшчацца дадатковыя матэрыялы і заданні па кожнай з лекцый, а таксама магчымасць камунікаваць з удзельнікам і арганізатарам. Для рэгістрацыі на Moodle неабходна перайсці па спасылцы.

Тут вы можаце знайсці інструкцыю па рэгістрацыі.Відэазапіс лекцый будзе выкладвацца праз 3 дні пасля мерапрыемства. Таксама з кожнай лекцыяй можна будзе азнаёміцца на нашым YouTube-канале.Раз на месяц мы будзем прапаноўваць вам дадатковую інфармацыю па кожнай з тэм для самастойнага вывучэння. Пасля кожнай лекцыі вам будзе прапанавана заданне для замацавання ведаў, якое неабходна выканаць не пазней за наступную лекцыю.

Як з намі звязацца

Пішыце нам на электронную пошту: bahna.land@gmail.com або выкарыстоўвайце форму зваротаў на сайце.

Мы актыўныя ў сацыяльных сетках: Facebook або Укантакце.