Восем балот
- topic: Арт
- content_created_at: 2020-03-18 18:48
Багна сумесна з экалагічным таварыствам “Зялёная сетка», «Экадом», Цэнтрам экалагічных рашэнняў і «Аховай птушак Бацькаўшчыны» ў 2011–2019 гадах арганізавалі грамадскую кампанію «У абарону беларускіх балот».
Мэтай кампаніі было захаваць натуральныя балоты ад торфаздабычы і адмяніць Пастанову Савета Міністраў РБ №794 “Аб некаторых пытаннях здабычы торфу і аптымізацыі сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый» ад 17 чэрвеня 2011 года, якая фактычна дазваляе здабычу торфу ў заказніках. На працягу 5 гадоў мы працавалі з кожнай з тэрыторый паасобку. Нагадаем, што ў «чорным» спісе апынуліся тэрыторыі балот Святое, Пціч, Выганашчанскае, Дакудаўскае, Унухальскае, Марочна, Сядун і Жураўлёўскае.
Кампанія пачала сваю дзейнасць са стварэння мемарандума з адзінай пазіцыяй па праблеме, які падпісалі 90 некамерцыйных арганізацый у Беларусі.
Акрамя таго, быў створаны адкрыты зварот на сайце Change.org, які сабраў больш за 26 000 тысяч подпісаў людзей, зацікаўленых у захаванні беларускіх балот. З дапамогай экспертаў мы распрацавалі аналіз эканамічнай мэтазгоднасці торфаздабычы на тэрыторыях балот, якія ўваходзяць у склад асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ), а таксама план іх устойлівага выкарыстання і кіравання. Разам з гэтым была праведзена работа па ацэнцы экалагічнай значнасці балот.
На працягу гэтага часу мы курыравалі юрыдычны кірунак і вялі стратэгічную цяжбу, прапрацоўваючы асобна кожную тэрыторыю.
Было здзейснена мноства экспедыцый на месцы, аказаны кансультацыі мясцовым жыхарам дваццаці вёсак і пяці абласных гарадоў, праведзены шэраг тэматычных культурных і адукацыйных мерапрыемстваў, грамадскія абмеркаванні, пасяджэнні на ўзроўні міжурадавых саветаў з удзелам НАН Беларусі.
Адной з ідэй кампаніі стаў праект візуалізацыі праблемы для грамадства.
У выніку з’явіўся інтэрнэт-праект “Восем балот”.
Інтэрнэт-праект папулярна распавядае пра тое, што здарыцца з кожным з васьмі балот, якія аказаліся пад пагрозай асушэння, у выніку торфараспрацовак.
Мэта праекта: звярнуцца да этычных нормаў чалавека, пазначыць месца кожнай унікальнай экасістэмы, распавесці, што здарыцца, калі асушаць кожнае канкрэтнае балота.
Таксама цікавым «балотным» прадуктам стаў відэаролік, які прымушае задумацца над мэтазгоднасцю асушальных планаў.
Вынікам кампаніі стала поўнае або частковае змяненне плана развіцця тэрыторый з «чорнага» спісу, а таксама распрацоўка новай Стратэгіі ўстойлівага выкарыстання балот 2030, а ў 2020 годзе прыняцце закона «Аб ахове і выкарыстанні тарфянікаў». Гэта вялікі прарыў. Адзін з яго пунктаў прадугледжвае, што натуральныя балоты не могуць аддаваць пад торфаздабычу.