Устойлівае кіраванне відамі
- topic: Абарона правоў
- content_created_at: 2020-03-18 18:38
Бернская канвенцыя, або Канвенцыя аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыроднага асяроддзя пражывання ў Еўропе – міжнароднае пагадненне, якое змяшчае палажэнні аб ахове як прыроднага асяроддзя пражывання (біятопаў), так і канкрэтных відаў флоры і фаўны. Канвенцыя ахоўвае дзікую флору і фаўну, г.зн. змяшчае спіс жывёл і раслін, якія падлягаюць ахове.
У цяперашні час у спісе рэдкіх і пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь дзікіх жывёл і раслін 505 відаў.
У мінулым годзе былі спробы змяніць тэхнічны кодэкс і знізіць узровень аховы для барсука, мядзведзя, зубра, а рысь прыбраць з Чырвонай кнігі зусім. Былі прапановы скараціць у некалькі разоў радыус аховы месцаў гнездавання рэдкіх птушак. Для некаторых чуллівых відаў, як, напрыклад, арлан-белахвост, гэта сапраўды крытычна. Новыя правілы не давалі б магчымасці стварыць для птушак зоны спакою.
Прыродаахоўныя арганізацыі разам з навукоўцамі змагаліся супраць гэтых ідэй і пакуль што перамаглі.
Пазіцыя “Багны” па выключэнні рысі з Чырвонай кнігі і па дэпапуляцыі дзіка ў Беларусі
«Багна» і «Ахова птушак Бацькаўшчыны» працягваюць штогод прасіць аб пераглядзе правілаў вясновага палявання. У мінулым годзе ў чарговы раз у гэтым было адмоўлена.
Адной з важных падзей 2019-га стала абмеркаванне новага палажэння па імабілізацыі жывёл. Сёння, калі звер зайшоў у населены пункт, ніхто не пытае, чырванакніжнік ён ці не, і не чакае, пакуль жывёла нападзе: спробы адлову часцей за ўсё няўдалыя, а дзесьці страляюць заўчасна. Вялікая колькасць жывёл гіне такім чынам. Больш гуманна было б часова ўсыпіць звера і перанесці назад на новае месца жыхарства ў лес. Аднак існуе праблема з тым, што ўсе медыцынскія прэпараты, якія выкарыстоўваюцца з гэтай мэтай, трапляюць пад забарону па абароце наркатычных сродкаў, таму ні адна дзяржаўная ўстанова не хоча брацца за гэта.
Практыка прымянення такога падыходу – вельмі складаны працэс, які патрабуе змяненняў у заканадаўстве і новых даследаванняў медыкаментаў.
Зараз ёсць адзін дазволены прэпарат, якім можна страляць у жывёлу на адлегласці толькі 70–90 метраў, што вельмі блізка і можа быць небяспечна для чалавека. У 2019-м годзе быў прарыў у гэтым пытанні: было ўведзена палажэнне з апісаннем новых метадаў, якія можна выкарыстоўваць з 2020 года.
Яшчэ адна тэма, звязаная з бяспекай людзей і жывёл, – будаўніцтва экадукаў. Разам з Русланам Навіцкім, супрацоўнікам НПЦ па біярэсурсах, прыродаахоўнікі разглядалі, як зроблены пераходы для жывёл і амфібій на трасах М1 і М6. Калідоры, на жаль, спраектаваны такім чынам, што звер будзе баяцца туды заходзіць: звычайна гэта падземныя тунэлі, у якіх узмацняецца гул дарогі. У свеце ж, наадварот, імкнуцца зрабіць гэтыя пераходы больш натуральнымі: з зелянінай на мосце. Акрамя таго, сетка ўздоўж дарогі ў нас перарываецца. Жывёла можа забегчы і не знайсці выхад. Так было ў мінулым годзе з мядзведзем, які мітусліва насіўся па трасе паміж машынамі. Гэта было страшна і для яго, і для людзей.
“Смарагдавая сетка” і сетка “Натура 2000” з’яўляюцца найбольш эфектыўным механізмам у ахове прыроды на еўрапейскім кантыненце.
“Багна” ўдзельнічала ў працэсе фарміравання спісаў тэрыторый для Беларусі. На сакавік 2018 года агульная колькасць зацверджаных аб’ектаў «Смарагдавай сеткі» – тэрыторый асаблівай прыродаахоўнай значнасці (ТАПЗ) у нашай краіне – 162. Іх агульная плошча складае 2.403.781,21 га, што складае 11,57% ад плошчы Беларусі. Больш за палову нашых аб’ектаў – 65 – сканцэнтраваны ў Кантынентальным біягеаграфічным рэгіёне, які цалкам уключае Брэсцкую і Гомельскую вобласці, большую частку Гродзенскай, каля паловы Мінскай і частку Магілёўскай вобласці.
Дадаткі і рэзалюцыі да канвенцыі ўтрымліваюць спіс ахоўных відаў і біятопаў, а таксама механізмы аховы, уключаючы неабходнасць стварэння ахоўных тэрыторый, падрыхтоўкі планаў кіравання, правядзення маніторынгу і актыўную ахову і г.д. Удзел грамадскіх актывістаў і арганізацый вельмі важны для працы механізму аховы відаў у рамках усёй краіны. Без удзелу мясцовых жыхароў і грамадскіх актывістаў немагчыма ажыццяўляць ахову рэдкіх відаў у месцах іх пражывання і своечасова выяўляць пагрозы іх існавання, ажыццяўляць тэрміновыя меры іх аховы.
Мэта:
Папярэдзіць знішчэнне рэдкіх відаў жывёл і раслін Беларусі і іх месцаў росту і пражывання, садзейнічаць падрыхтоўцы планаў кіравання, пашпартоў і ахоўных абавязацельстваў па асобных відах і перадачы іх пад ахову землекарыстальнікам, ажыццяўляць маніторынг стану.
Удзельнікі:
ГА «Багна»
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
ГА «Экадом»
Таварыства «Зялёная сетка».
Працягласць:
Праекты па ўстойлівым кіраванні відамі «Багна» ажыццяўляе з 2014 года па цяперашні час.
Мэтавая аўдыторыя:
жыхары Беларусі,
навукоўцы,
дзяржструктуры,
кіраўнікі і кантрольныя органы па захаванні біяразнастайнасці.
Інструменты:
інфармаванне,
акцыі,
праекты,
круглыя сталы і семінары,
экспедыцыі.
Органы, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў:
Мінпрыроды,
Мінлясгас,
навукоўцы.