Смарагдавая сетка
- topic: Абарона правоў
- content_created_at: 2020-03-18 18:21
У 2013 годзе Беларусь далучылася да Бернскай канвенцыі «Аб ахове дзікай фаўны, флоры і прыроднага асяроддзя пражывання (біятопаў) у Еўропе». У адпаведнасці з патрабаваннямі Бернскай канвенцыі ў нашай краіне пачаліся работы па стварэнні «Смарагдавай сеткі» (Эмеральд) – сістэмы прыродаахоўных тэрыторый. У краінах Еўрасаюза абсалютным аналагам “Смарагдавай сеткі” з’яўляецца сетка «Натура 2000».
Аб’екты “Смарагдавай сеткі” займаюць каля 11,8% ад плошчы кантынентальнага рэгіёну.
Для аб’ектыўнага і комплекснага падыходу пры стварэнні сеткі неабходны ўдзел не толькі прадстаўнікоў дзяржавы, навукі, але і ўдзел грамадскасці. Практыка стварэння “Смарагдавай сеткі” ў іншых краінах паказвае, што прадстаўнікі дзяржструктур звычайна імкнуцца ўключыць у сетку як мага менш тэрыторый і пераважна тых, што ўжо маюць нацыянальны статус ААПТ. НДА імкнуцца ўключыць у сетку як мага больш тэрыторый, неабходных для захавання відаў і біятопаў. Навука ў дадзенай сітуацыі павінна быць аб’ектыўным кансультантам і даць незалежныя актуальныя дадзеныя па стане тых ці іншых аб’ектаў (відаў або біятопаў).
На жаль, асабліва ў нашых рэаліях (краіны Усходняй Еўропы), навука не заўсёды валодае неабходнымі дастатковымі дадзенымі па многіх відах і біятопах і да таго ж залежыць у сваім меркаванні ад дзяржавы. У сувязі з гэтым НДА часта выступаюць у якасці своеасаблівага арбітра, які ацэньвае працу дзяржавы і навукі па стварэнні сеткі.
У кантынентальным рэгіёне Беларусі “Эмеральд” неабходна дапоўніць як новымі тэрыторыямі, так і перагледзець дадзеныя па ўжо прапанаваных тэрыторыях.
Мэта:
садзейнічанне складанню паўнавартаснага спісу тэрыторый, перспектыўных для ўключэння іх у “Смарагдавую сетку” і стварэнне адэкватнай “Смарагдавай сеткі” ў Беларусі з уключэннем яе ў міжнародную сістэму.
Удзельнікі:
ГА «Багна»
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
ГА «Экадом»
Таварыства «Зялёная сетка».
Працягласць:
ГА «Багна» ўключылася ў гэты праект з 2015 года. Па абавязацельствах, узятых на сябе Беларуссю, “Ізумрудная сетка” павінна быць створана да 2020 года.
Мэтавая аўдыторыя:
экаактывісты Беларусі,
навукоўцы.
Інструменты:
інфармаванне,
праекты,
круглыя сталы і семінары.
Органы, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў:
Мінпрыроды,
Савет Міністраў.




