Лясная сертыфікацыя FSC
- topic: Абарона правоў
- content_created_at: 2020-03-18 17:10
З 2014 года прыродаахоўныя спецыялісты «Багны» ўдзельнічаюць ў пастаянным незалежным маніторынгу FSC і цяпер працуюць над выпускам брашуры па ўдзеле грамадскасці ў сертыфікацыі па схеме Ляснога апякунскага савета, каб патлумачыць, як простыя зацікаўленыя грамадзяне могуць праяўляць сваю актыўнасць і ўдзельнічаць ва ўстойлівым кіраванні ляснымі тэрыторыямі праз штогадовыя незалежныя аўдыты.
FSC уяўляе сабой незалежную сістэму міжнароднай сертыфікацыі лясоў, прынцыпам якой з’яўляецца садзейнічанне экалагічна адказнага, сацыяльна арыентаванага і эканамічна ўстойлівага лесакарыстання і кіравання сусветнымі ляснымі рэсурсамі.
FSC падтрымліваецца прыродаахоўнай супольнасцю, бо ўяўляе сабой глабальную сістэму, якая прадугледжвае ацэнку лесагаспадарчых мерапрыемстваў незалежным трэцім бокам па строгіх сацыяльных, экалагічных і эканамічных стандартах.
Лясы з’яўляюцца адным са складнікаў жыцця на Зямлі. Гэта не проста крыніца сыравіны для людзей. Яны ствараюць асяроддзе пражывання на сушы больш чым 2/3 вядомых відаў флоры і фаўны, з’яўляюцца натуральным прыродным фільтрам і чысцяць паветра, садзейнічаюць стабілізацыі клімату. Выкарыстанне прымітыўных, часцяком варварскіх тэхналогій лесанарыхтоўкі прывяло да дэградацыі лясоў, страты каштоўных лясных тэрыторый. Таму сёння спецыялісты заняліся распрацоўкай зберагальных тэхналогій лесанарыхтовак і прыёмаў лесаводства, якія змяшчаюцца ў паняцце ўстойлівага лесакіраўніцтва. Важным механізмам, які дазваляе захаваць лес, з’яўляецца добраахвотная сертыфікацыя лесу. Ва ўсім свеце шырока развіта сертыфікацыя па схеме Ляснога апякунскага савета (FSC).
Сертыфікаваная драўніна адсочваецца ад лесасекі да перапрацоўчага прадпрыемства і спажыўца і гарантуе яму легальнае паходжанне драўніны і драўнянай прадукцыі, што дае пакупніку магчымасць ведаць, што прадукцыя паходзіць з адказна кіраваных лясоў. FSС-сертыфікацыя ў Беларусі пачалася з рэалізацыі ў 2003 годзе пілотнага праекта “Устойлівае экалагічна арыентаванае лесакіраўніцтва і лесакарыстанне на прыкладзе Смаргонскага доследнага лясгаса».
На пачатак 2018 года 90% лясоў у Беларусі сертыфікаваныя.
Асаблівасцю і праблемай пры правядзенні лясной сертыфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца нешматлікасць і пасіўнасць зацікаўленых бакоў. Грамадскасць: мясцовыя жыхары, актывісты і НДА – гэта ключавы зацікаўлены бок, удзел якога робіць сістэму сертыфікацыі не фармальнасцю, а рэальным механізмам экалагізацыі лясной гаспадаркі і захавання лясоў. На сённяшні дзень уцягванне грамадскасці ў працу з лясной сертыфікацыяй у Беларусі з’яўляецца актуальнай задачай.
Мэта:
устойлівае кіраванне лясамі ў Беларусі праз актыўны ўдзел грамадскасці ў сістэме лясной сертыфікацыі FSC.
Удзельнікі:
ГА «Багна»
ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
Таварыства «Зялёная сетка»
Працягласць:
З 2015 года ў рамках нашай дзейнасці мы актыўна бяром удзел у якасці незалежных назіральнікаў у аўдытах сертыфікацыі FSC у лясах, дзе размешчаны асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі. Працягваем гэтую працу і ў цяперашні час.
Мэтавая аўдыторыя:
жыхары Беларусі,
работнікі ДПУ і лясгасаў,
нацыянальны прадстаўнік FSC.
Інструменты:
інфармаванне,
маніторынг лясных тэрыторый,
кансультаванне,
удзел у аўдытах,
семінары,
круглыя сталы.
Органы, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў:
Мінлясгас,
аўдытарскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі,
Саўмін.