Група «Ахова дзікай прыроды Беларусі»

Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі захоўваюць прыродную і культурную спадчыну нашай краіны, а таксама памнажаюць дабрабыт мясцовых жыхароў. Гэта выключнае месца з пункту гледжання біяразнастайнасці, якое ўяўляе надзвычайную каштоўнасць у экасістэме планеты.

Куткі дзікай прыроды пераважна засталіся ў нашай краіне на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ), куды ўваходзяць нацпаркі, запаведнікі і заказнікі рэспубліканскага і мясцовага значэння, а таксама тэрыторыі, якія ў перспектыве павінны атрымаць ахоўны статус. На сённяшні дзень яны займаюць каля 8% плошчы Беларусі.

Найбольш актуальнымі праблемамі ААПТ з’яўляюцца:

  • антрапагенная дэградацыя прыродных экасістэм;
  • знікненне відаў і прыродных аб’ектаў;
  • недасканалае заканадаўства;
  • адсутнасць устойлівага кіравання;
  • закрытасць і недаступнасць інфармацыі;
  • адсутнасць разумення важнасці захавання дзікай прыроды.

Сваёй дзейнасцю АДПБ спрыяе стварэнню новых і пашырэнню ўжо існуючых ААПТ, а таксама павышэнню эфектыўнасці кіравання і захаванню дзікай прыроды на гэтых тэрыторыях.

Новым інструментам актыўнай аховы прыроды сталі планы кіравання, якія ў 2013 годзе пачалі з’яўляцца ў нацыянальных парках. І першым, што зрабіла ў 2015 годзе рабочая група, стаў разгляд усіх распрацаваных планаў. Па выніках гэтай працы быў падрыхтаваны Агляд планаў кіравання пад вельмі правакацыйнай назвай “Ці могуць беларускія нацыянальныя паркі стаць па-сапраўднаму нацыянальнымі паркамі?».

Сіламі рабочай групы быў прааналізаваны юрыдычны складнік кіравання паркамі на нацыянальным узроўні. Праведзены параўнальны аналіз з сусветнай практыкай, а таксама іх адпаведнасць сістэме МСАП (Міжнароднага саюза аховы прыроды).

Самую галоўную праблему ў сістэме кіравання ўдзельнікі групы бачаць у акцэнце на эканамічныя інтарэсы. Так як гэта цягне за сабой мерапрыемствы, якія не спрыяюць захаванню прыродных тэрыторый. Зрушыць акцэнт з эканомікі на экалогію таксама дапамагло б развіццю турызму ў актуальных напрамках, напрыклад, у навуковым. Але цяпер, паводле ацэнак удзельнікаў групы, над гэтым яшчэ трэба шмат працаваць.

Ёсць праблема з комплексным маніторынгам, і гэта ў тым ліку перашкаджае развіццю навуковага турызму.

Рабочая група прасоўвае перадавы досвед аховы прыроды, удзельнічае ва ўдасканаленні заканадаўчай і нарматыўнай базы.

Рабочая група на дадзены момант вядзе дзейнасць па выяўленні прыродаахоўных парушэнняў і займаецца паляпшэннем правапрымяняльнай практыкі прыродаахоўнага заканадаўства.

Удзельнікі:

  • ГА «Багна»
  • ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны»
  • ГА «Экадом»
  • Мясцовыя актывісты з рэгіёнаў ААПТ

Мэтавая аўдыторыя:

Жыхары Беларусі з рэгіёнаў з ААПТ, кіраўніцтва і супрацоўнікі ААПТ, навукоўцы, дзяржаўныя структуры, кіраўнікі і кантралюючыя ААПТ.

Грамадскасць здольна ўплываць на сітуацыю не толькі лакальна, але і стратэгічна, уносячы змены ў дзяржаўныя праграмы і заканадаўства. Прыкладам такой цікавасці служыць Зялёны дазор таварыства «Зялёная сетка» і Сетка захавальнікаў ГА «Ахова птушак Бацкаўшчыны». У рабочай групы таксама ёсць што прапанаваць. Добрым механізмам з’яўляецца ўдзел у маніторынгу FSC, які праходзіць у лясах, якія ўдзельнічаюць у міжнароднай сертыфікацыі, у тым ліку ў асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

Як далучыцца: актыўнасці Рабочай групы

Скарыстацца інфацэнтрам, праз які можна атрымаць кансультацыю эксперта як сусветнага ўзроўню, так і з Акадэміі навук. Ідзе распрацоўка дадатка для збору парушэнняў на лясных тэрыторыях, а на сайце з’яўляюцца аб’явы пра акцыі і іншыя мерапрыемствы.

Штогод можна будзе паўдзельнічаць у прыродаахоўных валанцёрскіх летніках і папрацаваць на карысць канкрэтнай ААПТ або наведаць у Мінску серыю лекцый у нашай Школе дзікай прыроды.

У выпадку, калі падзяляеце нашы каштоўнасці і хочаце далучыцца да групы, прапануем падпісаць Пагадненне аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне захавання дзікай прыроды і абароны асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і выслаць нам на скрыню bahna.land@gmail.com. Усе дыскусіі ў групе вядуцца ў рассылцы WildBY. На яе вы можаце падпісацца / адпісацца самастойна, адправіўшы паведамленне на адрас wildby@yahoogroups.com

Больш дэталёва пазнаёміцца з даследаваннямі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый на тэрыторыі Беларусі можна на сайце bahna.land.

© Багна
© Багна
© Багна
© Багна
© Багна
© Багна