Каманда
- topic: Аб Багне
- content_created_at: 2019-12-24 20:25
Багна ажыццяўляе экалагічную, адукацыйную, культурную, інфармацыйную дзейнасць, распаўсюджваючы ідэі ўстойлівага развіцця, абараняючы прыродныя экасістэмы і біялагічныя віды, прасоўваючы права грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.
Мы працуем як з шырокай грамадскасцю і ініцыятывамі на нізавым узроўні, так і ўзаемадзейнічаем з дзяржаўнымі ўстановамі, якія непасрэдна ўцягнутыя ў экалагічнае рэгуляванне і кіраванне прыроднымі рэсурсамі.
Аб’ектам нашай дзейнасці з’яўляецца прадухіленне далейшай дэградацыі навакольнага асяроддзя і захаванне натуральных месцаў пражывання і біялагічнай разнастайнасці ў Беларусі.
Нашы асноўныя задачы на наступны перыяд ўключаюць ¹стварэнне новых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і пашырэнне ўжо існуючых, павышэнне іх эфектыўнасці; ²работа над навукова-метадычнымі распрацоўкамі ў гэтай галіне і садзейнічанне ўкараненню найлепшых перадавых практык; ³удасканаленне заканадаўчай і нарматыўнай базы, прыродаахоўнай палітыкі, а таксама распрацоўка стратэгій кіравання навакольным асяроддзем.
Мы часта сутыкаемся з тым, што ў нашай краіне праблема аховы прыроды недаацэньваецца. Прызнаючы каштоўнасць міжнароднага досведу і жадаючы пераняць яго дасягненні ў нашай краіне, мы ставім сваёй мэтай павышэнне экалагічнай свядомасці і адказнасці беларусаў. Пачынаючы з 2012 года мы наладжваем і падтрымліваем кантакты як з актывістамі, якія змагаюцца за канстытуцыйнае права на здаровае навакольнае асяроддзе, так і навукоўцамі, якія выдаткавалі гады на вывучэнне гэтага асяроддзя і яго ўплыву на якасць жыцця. Мы цвёрда верым, што ў нашых сілах захаваць нашу прыроду і што разам мы дасягнём гэтай мэты.
Людзі Багны
Багна – грамадская некамерцыйная арганізацыя, дзейнасць якой каардынуецца Радай і старшынёй. Нашу каманду кіравання складаюць: Вольга Каскевіч, Канстанцін Чыкалаў, Ігар Стахіевіч, Сяргей Раманцоў, Андрэй Раманцоў, Ігар Сувораў, Кацярына Піліпенка, Дзмітрый Белуш, Наталля Мінчанка.
8 гадоў таму я пачала займацца аховай беларускіх балот. У мяне не было адпаведнай адукацыі, планаў прафесійнага развіцця ў гэтай сферы, упэўненасці, ці атрымаецца рэалізаваць задуманае. Прысутнічала толькі жаданне захаваць частку некранутай дзікай прыроды, нязведанага людзьмі ландшафту, які неабгрунтавана лічыўся непатрэбным і так лёгка знішчаўся чалавекам.
«З дзяцінства блізкія вучылі мяне перажываць кантакт з прыродай, назіраць за ёй, умець быць у ёй, і я ўяўляла сябе хутчэй дзіцём лесу, чым горада. У юнацкім узросце гэта разуменне сышло ў падсвядомасць і вярнулася да мяне зноў толькі цяпер, калі ў Багне я стала прыродаахоўным спецыялістам, дзе абараняю права чалавека на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і права дзікай прыроды на існаванне. Памятаю свой першы кантакт з балотам. Я выйшла на ўскраіну лесу, і перада мной адкрыўся такі яркі, заліты святлом гарызонт. Першая думка была: «Балота – гэта наша мора». Ты не разумеў, вада гэта ці зямля. Там было столькі фарбаў, а яшчэ можна было доўга глядзець удалячынь. За час сваёй працы я зразумела важнасць таго, што робяць мае калегі і я. Гэта дапамагло мне свядома змяніць род дзейнасці, сёння я кваліфікаваны інжынер-эколаг і лічу, што гэта прафесія будучыні, бо натуральных прыродных месцаў і экасістэм засталося ў свеце вельмі мала». — Вольга Каскевіч
Я не магу ўявіць свайго жыцця без дзікай прыроды, я досыць адчувальны па натуры, таму любыя замахі на тыя куткі натуральнай прыроды, што засталіся, адкладаюць на мне нейкі адбітак. Пакуль ёсць сілы, я буду рабіць тое, што мне падабаецца, — удзельнічаць у яе абароне, даносіць ідэі і дзяліцца ведамі з іншымі.
«Нядаўна я сустрэў афарызм аднаго вядомага прыродаахоўніка, яго словы запалі мне ў сэрца: «Мы можам мець дзікую прыроду, не маючы волі. Мы можам мець дзікую прыроду наогул без чалавечага жыцця ў ёй; аднак мы не можам мець волі без дзікай прыроды». Гэта словы Эбі Эдварда». — Канастанцін Чыкалаў
Я займаюся архітэктурай і цікаўлюся ёй, займаюся прыродай, таму што я сам біёлаг па адукацыі, гэта мая сфера інтарэсаў. Экалогія і біялогія, навука, архітэктура і мастацтва – тое, што мяне натхняе.
«У сваёй працы я грунтуюся на ландшафтную і відавую разнастайнасць, на аналітычныя даследаванні месца і яго гісторыі, а не проста ўрываюся ў асяроддзе з мэтай “прыйшоў і што хачу, тое і раблю”. Мы звычайна працуем у камандзе людзей з розных краін, з розным досведам і ўспрыманнем рэальнасці. У 2014 годзе я быў куратарам Фестывалю мастацкіх практык і крытычных ведаў «Багна», і мы там прыдумлялі новыя падыходы да асабліва ахоўных тэрыторыяў, а таксама шукалі метады ўцягвання людзей, якія не маюць дачынення да біялогіі, экалогіі і наогул непасрэдна да архітэктуры, але займаюцца творчымі і мастацкімі практыкамі. Мы разам думалі над тым, як выкарыстаць вынік сумеснай творчасці, каб палепшыць сітуацыю з усведамленнем страты рэдкага натуральнага асяроддзя пражывання. Арт-аб’екты даюць інфармацыю, дапамагаюць пераасэнсаваць яе, даць разуменне сувязі. Сёння мая задача складаецца ў тым, каб паглыбіцца ўнутр экасістэмы і стварыць месца для асабістай медытацыі, каб чалавек мог там адкрыцца, хадзіць, думаць, збіраць энергію, заставацца сам-насам з прыродай, захоўваючы пачуццё, калі пакідае яе. А прадметы мастацтва патрэбныя для таго, каб даваць інфармацыю і разуменне гэтай сувязі». — Базыль
Я працую з экалагічнымі некамерцыйнымі арганізацыямі ў Беларусі, такімі як Багна і АПБ, больш за дзесяць гадоў. Мой унёсак у дзейнасць некамерцыйных арганізацый у асноўным тэхнічны: я ствараю інфармацыйныя сістэмы, апрацоўваю дадзеныя, ствараю базы дадзеных і візуалізую інфармацыю.
«Я ўдзельнічаю ў дзейнасці Багны з 2011 года. Я стварыў вэб-рэсурсы eightwetland.by, festival.bahna.land, stope40.org, npmp2015. У цяперашні час мы працуем над прататыпам манітора водна-балотных угоддзяў у Беларусі, ствараем базу дадзеных любой даступнай экалагічнай інфармацыі па гэтай тэме з выкарыстаннем тэхналогій з адкрытым зыходным кодам. Асноўная праблема пры рэалізацыі праектаў – доступ і дазвол на выкарыстанне неабходных дадзеных. Нашы дзяржаўныя органы не хочуць дзяліцца гэтай інфармацыяй, хоць паводле Орхускай канвенцыі яна павінна быць агульнадаступнай. На дадзеным этапе я таксама ўдзельнічаю ў партнёрскім праекце Багны, Эстонскага фонду прыроды і Універсітэта прыродазнаўчых навук Тарту па тэме развіцця экалагічнага турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, дзе мы працуем з групай міжнародных ландшафтных архітэктараў над праектаваннем месцаў адпачынку і экалагічных сцежак». — Ігар Сувораў
Больш за 30 гадоў таму я ўпершыню ўбачыла запаведную зямлю ў раёне Турава, прыпяцкія дубровы, лясы і балоты тых месцаў. І з таго часу маё жыццё і дзейнасць непарыўна звязаны з гэтым. Садзейнічаць захаванню гэтых лясоў, дзікай прыроды і ўсёй біяразнастайнасці, напэўна, мая місія.
«Публічная кампанія «Захаваем прыпяцкія дубровы» з’явілася 5 гадоў таму. Гэта быў адказ на пагрозы захаванню дзікай прыроды на тэрыторыі нацыянальнага парку «Прыпяцкі». У апошнія гады тут вядзецца актыўная гаспадарчая дзейнасць: высякаюцца векавыя дубровы, практычна круглы год праводзіцца паляванне на птушак і звяроў. Грамадская кампанія створана, каб змяніць гэтую сітуацыю. Для змены сітуацыі была створана грамадская кампанія, якая ў 2016 годзе стала адным з кірункаў дзейнасці Багны, у якой мы аб’ядналі свае рэсурсы, творчыя і інтэлектуальныя магчымасці». — Інэса Балоціна
Калі я знаходжуся ў лесе, на балоце або на рэчцы, мне становіцца спакойна і добра, я думаю пра рэчы, пра якія не атрымліваецца падумаць у гарадской мітусні і спешцы, я нават магу не думаць наогул, а толькі адчуваць.
«Каб захаваць гэты прыродны спакой, трэба нагадваць чалавеку, што ён – усяго толькі частка прыроды і ніякай тэхнічны прагрэс не заменіць яму гэта прыроднае багацце. Гэтым напамінам мы і займаемся ў Багне». — Дзіма Белуш
Нам важна рабіць навіны пра дзікую прыроду і яе ахову. Наша мэтавая аўдыторыя – гэта студэнты спецыялізаваных факультэтаў, экалагічныя актывісты, аматары прыроды і работнікі заказнікаў і нацыянальных паркаў.
Мы расказваем, як у Беларусі абараняць дзікую прыроду, чым займаецца наша арганізацыя і пра паспяховы замежны досвед у гэтай сферы. Робім спецпраекты, адзін з іх – «Балотныя даследаванні», у якім даследчыкі з Беларусі і розных краін распавядаюць пра тое, як і чаму яны вывучаюць балоты. Распавядаць пра працу навукоўцаў – таксама адзін з прыярытэтаў Bahna.Land.
Мы заўсёды хочам даць у нашым Інфармацыйным цэнтры як мага больш інфармацыі, дакладных алгарытмаў дзеянняў і натхніць людзей на актывізм.
«Мая задача – апрацаваць запыт, які прыходзіць у інфацэнтр. Вылучаю тэму, займаюся пошукам экспертаў, якія могуць адказаць на пытанне. Праца можа заняць ад аднаго дня да некалькіх тыдняў, у залежнасці ад складанасці пытання. Мяне вельмі натхняе, калі прыходзяць пытанні, звязаныя з жаданнем нешта рабіць для прыроды. Заўсёды хочацца даць чалавеку, які звярнуўся ў наш інфацэнтр, як мага больш інфармацыі і выразных алгарытмаў дзеянняў, захапіць тэмай». — Алёна Дубовік














