Апісанне дзейнасці

Нашы задачы

Распаўсюд інфармацыі аб захаванні і ўстойлівым выкарыстанні водна-балотных угоддзяў, біяразнастайнасці і прыродных экасістэм на тэрыторыі ААПТ

Удзел у прыняцці і рэалізацыі рашэнняў у гэтых сферах на дзяржаўным узроўні

Фарміраванне цікавасці да пытанняў аховы дзікай прыроды Беларусі і ўцягванне шырокага кола людзей у працэсы абароны навакольнага асяроддзя

Напрамкі работы

Юрыдычная дапамога і кансультацыя па пытаннях устойлівага кіравання дзікай прыродай. У нас працуе анлайн-інфацэнтр, у якім любы ахвотны можа атрымаць адказы на свае пытанні ад экспертаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя. Таксама мы кансультуем мясцовых жыхароў, збіраем іх звароты і скаргі для падачы ў дзяржаўныя органы Беларусі.

Адвакатыўныя практыкі. «Багна» з’яўляецца фасілітатарам працэсаў удзелу грамадскасці ў пытаннях прыняцця экалагічна значных рашэнняў, фарміравання і адэкватнай рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне захавання біяразнастайнасці і ААПТ.

Экалагічная адукацыя. Мы арганізуем Школу дзікай прыроды і Школу адвакатавання. Таксама мы праводзім тэматычныя лекцыі, выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы для таго, каб паказаць важнасць і ролю беларускіх экасістэм у сусветных працэсах.

Кансультацыі па пытаннях экалагічнага менеджменту. Мы распрацоўваем рэкамендацыі па ўстойлівым кіраванні водна-балотнымі ўгоддзямі, біяразнастайнасцю і прыроднымі тэрыторыямі. Бяром удзел у незалежным маніторынгу службы Ляснога апякунскага савета (Forest Stewardship Council) і з 2014 года працуем над развіццём сістэмы ААПТ. Праводзім незалежныя даследаванні эканамічнай мэтазгоднасці асваення прыродных тэрыторый, роўна як і заканадаўчых актаў і нормаў у сферы аховы дзікай прыроды. Мы аб’ядноўваем экспертаў з розных абласцей і фарміруем рабочыя групы па праблемных тэматыках.

Медыярэсурс аб абароне дзікай прыроды. Публікуем навіны і аўтарскія матэрыялы пра дзікую прыроду Беларусі і свету з 2013 года. Пра апошнія падзеі ў прыродаахоўнай сферы чытайце на Bahna.land.

Фарміруем экалагічную палітыку. Мы працуем з мясцовымі ініцыятывамі, з міністэрствамі і іншымі дзяржаўнымі структурамі Беларусі. З 2016 года ўваходзім у Міжведамасны савет па захаванні біяразнастайнасці пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. З 2016 года ўдзельнічаем у Навукова-грамадскім кансультатыўным савеце па экасістэмных паслугах і біялагічнай разнастайнасці, створаным на базе ДНВА «НПЦ НАН па біярэсурсах». Мы наладзілі супрацоўніцтва з рэспубліканскімі ландшафтнымі заказнікамі «Ельня», «Азёры», «Асвейскі», «Котра», біялагічным заказнікам «Лебядзіны» і заказнікам мясцовага значэння «Тураўскі луг».